АДЗІ́НСТВА І БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;

Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;

Закон единства противоположностей. Киев, 1991.

А.І.Осіпаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)